Transcript Document
ЛІЧЭБНІК ЯК ЧАСЦІНА МОВЫ ЛІЧЭБНІК – гэта часціна мовы, якая абазначае адцягненыя лікі, колькасць аднародных прадметаў або паказвае на парадкавы нумар прадметаў пры іх лічэнні. Лічэбнікі (за выключэннем дзевяноста, паўтара, паўтары) скланяюцца; большасць лічэбнікаў, што абазначаюць колькасць прадметаў, не маюць катэгорыі роду, амаль усе лічэбнікі пазбаўлены формаў ліку; пры спалучэнні лічэбніка з назоўнікам утвараецца сінтаксічна непадзельнае словазлучэнне, якое выступае як адзін член сказа: У возера Байкал упадае трыста трыццаць шэсць рэчак (дзейнік). Лічэбнікі не маюць пры сабе прыметніка-азначэння. УЛАСНАКОЛЬКАСНЫЯ лічэбнікі абазначаюць пэўную колькасць аднародных прадметаў: сем чалавек, восем кніг, пяцьсот рублёў, а таксама адцягнены лік: Пятнаццаць дзеліцца на пяць. Да ПРОСТЫХ адносяцца лічэбнікі з адным коранем: адзін, два – дзесяць, сто, тысяча; ад іх утварыліся ўсе іншыя лічэбнікі. Да СКЛАДАНЫХ адносяцца вытворныя лічэбнікі, у якіх зліліся два словы: пяцьдзесят, дзвесце, дзевяцьсот. САСТАЎНЫМІ называюцца лічэбнікі, якія складаюцца з некалькіх асобных слоў: семдзесят дзевяць, сто восемдзесят чатыры. ЗБОРНЫЯ лічэбнікі абазначаюць пэўную колькасць прадметаў як сукупнасць, як адно цэлае: двое, трое, чацвёра. Утвараюцца яны ад колькасных лічэбнікаў пры дапамозе суфіксаў -оj-: двое (двоj-э), трое (троj-э); -ёр-, ер-: пяцёра, дзевяцера. Са зборнымі лічэбнікамі ўжываюцца назоўнікі: 1) якія маюць форму толькі множнага ліку ці абазначаюць назвы парных прадметаў: двое сутак, трое варот, чацвёра саней, пяцёра лыжаў; 2) якія абазначаюць назвы маладых істот: двое кацянят, трое жарабят, шасцёра парасят; 3) якія абазначаюць асоб мужчынскага полу: двое мужчын, трое салдат, пяцёра вучняў. ДРОБАВЫЯ лічэбнікі абазначаюць дробавыя велічыні – або толькі часткі ад цэлага: тры пятыя, шэсць восьмых, або цэлае і часткі яго: пяць цэлых сем дзясятых, дванаццаць цэлых чатыры сотыя, восем і адна сотая. Шляхам розных спалучэнняў можна ўтварыць вялікую колькасць дробавых лічэбнікаў, якія абазначаюць самыя разнастайныя велічыні. Дробавыя лічэбнікі ўтвараюцца з колькаснага лічэбніка (у лічніку) і парадкавага лічэбніка. ПАРАДКАВЫЯ лічэбнікі паказваюць на парадкавы нумар прадметаў пры іх лічэнні: шостае пытанне, дзявятая кніга, пятнаццаты дзень. Парадкавыя лічэбнікі – словы вытворныя ад колькасных лічэбнікаў: тры – трэці, восем – восьмы, тысяча – тысячны, сто трыццаць – сто трыццаты. Характэрнай рысай парадкавых лічэбнікаў з'яўляецца тое, што яны маюць такія ж марфалагічныя асаблівасці, як і прыметнікі. Хоць парадкавыя лічэбнікі па граматычных прыметах і сінтаксічнай ролі і падобныя да прыметнікаў, аднак яны адрозніваюцца ад прыметнікаў: парадкавыя лічэбнікі абазначаюць не якасць ці ўласцівасць прадмета, а яго парадкавы нумар; яны захоўваюць лікавае значэнне; суадносяцца асновамі з уласнаколькаснымі лічэбнікамі. Для абазначэння няпэўнай, недыферэнцыраванай колькасці ўжываюцца НЯПЭЎНА-КОЛЬКАСНЫЯ СЛОВЫ: многа (нямнога), мала (нямала), трохі, шмат, столькі, гэтулькі, колькі, некалькі. Гэтыя словы хоць і выражаюць колькасныя паняцці, аднак не маюць значэння ліку. ЗАЙМЕННІК ЯК ЧАСЦІНА МОВЫ ЗАЙМЕННІК – часціна мовы, якая ўказвае на прадметы, прыметы прадметаў ці колькасць, не называючы іх. Таму лексічнае значэнне таго ці іншага займенніка канкрэтызуецца, становіцца зразумелым толькі ў кантэксце. Паводле суадноснасці з іншымі часцінамі мовы займеннікі падзяляюцца на тры групы: займеннікі, суадносвыя з назоўнікамі (АБАГУЛЬНЕНАПРАДМЕТНЫЯ): я, мы, ты, вы, ён (яна, яно), яны, сябе, хто, што, ніхто, нішто, нехта, нешта, што-небудзь і інш.; займеннікі, суадносныя з прыметнікамі (АБАГУЛЬНЕНАЯКАСНЫЯ): мой, твой, свой, наш, ваш, які, усякі, кожны, такі, гэты і інш.; займеннікі, суадносныя з лічэбнікамі (АБАГУЛЬНЕНАКОЛЬКАСНЫЯ): столькі, колькі, некалькі, гэтулькі.